ФЕРГА́НСКАЯ ДАЛІ́НА, Ферганская катлавіна,
міжгорная катлавіна ў Сярэдняй Азіі, ва Узбекістане, Кыргызстане і Таджыкістане. Абмежавана на Пн гарамі Цянь-Шаня, на Пд — Гісара-Алая; на З злучаецца з Галодным стэпам. Даўж. каля 300 км, шыр. да 170 км. Выш. днішча ад 330 м на З да 1000 м на У. Складзена з алювіяльных і пралювіяльных адкладаў. Карысныя выкапні: нафта, гаручыя газы, вугаль, сурма, ртуць, жал., медныя, поліметал. руды, сера. На ПдУ паласа адыраў, на ПнЗ нізкагорныя грады (выш. да 1009 м). Клімат кантынентальны, сухі. Сярэдняя т-ра студз. -3 °C, ліп. 24—27 °C. Ападкаў ад 100 мм у цэнтр. ч. да 500 мм на У. Гал. рака Сырдар’я. Вялікі Ферганскі канал, Паўд. Ферганскі канал, Кайраккумскае вадасховішча. Участкі пясчанай пустыні, саланчакі. Большая ч. тэр. пад бавоўнікам, садамі і вінаграднікамі. Шаўкаводства. Гал. гарады: Худжанд (Таджыкістан), Андыжан, Каканд, Наманган, Фергана (Узбекістан), Ош (Кыргызстан).
т. 16, с. 357
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)